Умовы і журы
Лічбавыя тэхналогіі, а таксама даступнасць і шырокі распаўсюд інтэрнэту ўплываюць на тое, як мы ствараем і пасля «чытаем» гісторыі. Усё болей прадстаўнікоў творчых прафесіяў спалучаюць фатаграфію з іншымі медыумамі як сродак перадачы паведамлення.
Прэмія ПРАФОТА у катэгорыі «Лічбавы сторытэлінг» прымае заяўкі беларускіх аўтараў і аўтарскіх калектываў, якія эксперыментуюць са змяшанымі лічбавымі тэхналогіямі.

Міжнароднае журы адзначыць праекты, якія дэманструюць прафесійны ўзровень, а таксама новы, нестандартны падыход у выкарыстанні фатаграфіі, відэа, графікі, гуку ды інш. пры даследаванні ды фармуляванні актуальных пытанняў сацыяльнай і гуманітарнай тэматыкі.

У гэтай катэгорыі прэмія прысуджаецца ў дзвюх намінацыях:

• Дакументальны лічбавы праект
• Мастацкі лічбавы праект

(У абедзвюх намінацыях будуць асобна ацэньвацца праекты працягласцю да 10 хвілінаў (кароткая форма) і праекты даўжынёй ад 10 да 30 хвілінаў (доўгая форма)).

Для кожнай намінацыі міжнароднае журы складзе доўгі спіс з 15-ці лічбавых праектаў ды кароткі спіс — з 7-мі. Адзін праект у кожнай намінацыі атрымае Гран-пры.

У катэгорыі «Лічбавы сторытэлінг» могуць удзельнічаць праекты наступных тыпаў:
1
Лінейны праект
Візуальны аповед ці праект, рэпрэзентаваны ў форме простага лінейнага наратыву ці серыі лінейных наратываў на адну тэму. Праект мусіць улучаць у сябе фатаграфію і/ці відэа, а таксама можа змяшчаць тэкст, анімацыю, графіку і гук.
2
Нелінейны праект
Візуальны аповед ці праект нелінейнай формы. Праект мусіць улучаць у сябе фатаграфію і/ці відэа, а таксама можа змяшчаць тэкст, анімацыю, графіку, гук.
3
Інтэрактыўны праект
Візуальны праект для онлайн-прагляду ці ў выглядзе дадатку на мабільныя прылады, які дае карыстальнікам магчымасць праз дызайн атрымаць новы візуальны досвед. Праект мусіць улучаць фатаграфію і/ці відэа, а таксама можа змяшчаць анімацыю, графіку, гук, тэкст.
Умовы
На конкурс прымаюцца лічбавыя праекты беларускіх аўтараў (аўтарскіх калектываў), скончаныя ці ўпершыню апублікаваныя ў 2017 — 2019 гадах.

Да разгляду НЕ прымаюцца трэйлеры ці прэвію праектаў, ТВ-рэпартажы, рэкламныя ролікі і ўэб-сайты, якія з’яўляюцца пляцоўкамі для дэманстрацыі адразу некалькіх праектаў, або сайты, што абслугоўваюць асобныя СМІ.

Усе праекты павінны мець субцітры на англійскай мове.
Дасылка праектаў
Праекты прымаюцца да 15 мая ўключна на email: prafota@gmail.com.

Фармат для дасылкі лічбавых праектаў: спасылкі на ўэб-старонкі, спасылкі на Vimeo/Youtube — не менш як HD 720px для дадаткаў ios/android.

Заяўка павінна змяшчаць кароткія біяграфічныя звесткі пра аўтара (калектыў аўтараў) і кантактныя дадзеныя (пошта, тэлефон).
Аўтарскія правы
Аўтар (-ы) або прадстаўнік, які выступае ад іх імя, павінны быць праваўладальнікам (і) або ўладальнікам (і) правоў на прадстаўленне твора.

Уладальнікі аўтарскіх правоў захоўваюць аўтарскія правы на свае творы. Дасылаючы свае творы па адрасе prafota@gmail.com, праваўладальнікі перадаюць арганізатарам конкурсу неабмежаваныя невыключныя маёмасныя правы на выкарыстанне твораў для дзейнасці ва ўсіх сродках масавай інфармацыі, у тым ліку: сацыяльныя сеткі, онлайн-рэсурсы і друк, у сувязі з конкурсам, выстава, каталог, грамадская прастора, архіў, і ўсе рэкламныя і адукацыйныя мерапрыемствы для і пад эгідай конкурсу, без якой-кольвек узнагароды.

Уладальнікі аўтарскіх правоў заяўляюць і гарантуюць, што прадастаўленне малюнкаў не парушае якога-небудзь закона, і, акрамя таго, ні адзін трэці бок не можа мець ніякіх прэтэнзій або якіх-небудзь пярэчаньняў у дачыненні да правоў, прадстаўленых на конкурс, праваўладальнікі будуць абараняць ад любых прэтэнзій трэціх бакоў, звязаных з ім.
У склад журы ўвайшлі:
Шарль-Анры Фрызон
Charles-Henry Frizon
Шарль-Анры Фрызон — прадзюсар, партнёр у агенцтве Upfront.

Скончыў Інстытут палітычных даследаванняў Бардо па спецыяльнасці «Паліталогія». Пасля фрылансэрскага досведу на радыё, у друкаваных СМІ і камунікацыйных тэхналогіях, у 2000 годзе зрабіўся праектным дырэктарам CAPA — аднаго з вядучых прэсавых і камунікацыйных агенцтваў Францыі. Ачоліўшы лічбавы аддзел у 2013 годзе, займаўся вытворчасцю кантэнту для тэлебачання, НДА (Médecins du Monde, Amnesty International), фестываляў (прэмія Bayeux Calvados-Normandie для ваенных карэспандэнтаў), міжнародных установаў (НАТА, Еўракамісія), і карпаратыўных кліентаў У 2018 ён пакінуў CAPA, зрабіўшыся партнёрам Upfront, новага агенцтва па вытворчасці дакументалістыкі. У 2019 годзе ён таксама разам з Эліз Дэcмар-Кастыллё зрабіўся сузаснавальнікам Bottoms Up, новага крэатыўнага лічбавага агенцтва з сядзібай у Парыжы.
Вольга Кравец
Olga Kravets
Вольга Кравец — рэжысёрка дакументальнага кіно і фатографка ў NOOR. Вольга Кравец пераважна працуе ў працяглых праектах, звязаных з вайсковымі канфліктамі і правамі чалавека ў былым СССР, на Блізкім Усходзе і Балканах. Суаўтарка дакументальнага онлайн-праекту і кнігі «Грозны: Дзевяць гарадоў», якія даследуюць наступствы Чачэнскай вайны. Яна таксама прадзюсарка дакументальнага фільма «Ужо цямнее» прэм’ера якога адбылася на фестывалі IDFA ў 2016 годзе і цяпер транслюецца на Amazon Prime. Вольга Кравец атрымала ступень магістра па дакументальнай фатаграфіі ў Лонданскім універсітэце мастацтваў, дзе яна была стыпендыяткай у 2010 — 2011 гадах.

Цяпер яна працуе над дакументальнымі фільмамі па ўсёй Еўропе, здымае і прадзюсіруе для СМІ, установаў і кампаніяў, а таксама выкладае мастацтва лічбавага аповеду ў дакументалістыцы.
Сяргей Карпаў
Sergey Karpov
Сяргей Карпаў — візуальны дакументаліст, прадзюсар, кіраўнік мультымедыйных праектаў.

Скончыў Маскоўскі энергетычны інстытут, курс Сяргея Максімішына «Фатаграфія ў часопісе». Працаваў фотажурналістам для агенцтваў Reuters, AP, РИА Новости ды інш. У 2012 — 2013 гадах быў штатным фатографам агенцтва ИТАР-ТАСС. З 2015 года — кіраўнік спецпраектаў на партале «Такие дела» / (TakieDela). Атрымаў за свае працы шэраг прэстыжных узнагародаў: Visa d’Or за найлепшы лічбавы навінны аповед у Перпіньяне (2017), World Press Photo Digital Storytelling Contest у намінацыі «Інавацыйны сторытэлінг» (2018), прэмію «Медиа менеджер России — 2018».

Сфера яго зацікаўленняў: рэгіянальная ідэнтычнасць поставецкіх гарадоў, гістарычная памяцы, сацыяльныя інтэграцыі ў свет новых медыя, новыя магчымасці візуальнага аповеду і сацыяльнага дызайну.