Умовы і журы
Прэмія ПРАФОТА у катэгорыі «Фатаграфія» прымае заяўкі беларускіх аўтараў і аўтарскіх калектываў, якія працуюць з фатаграфіяй у дакументальным жанры ці эксперыментуюць з мастацкімі формамі, у дзвюх намінацыях:

• Дакументальная фатаграфія
• Мастацкая фатаграфія


Для кожнай намінацыі міжнароднае журы складзе доўгі спіс з 15-ці фотапраектаў ды кароткі спіс — з 7-мі. Адзін праект у кожнай намінацыі атрымае Гран-пры.
Умовы
На конкурс прымаюцца фотапраекты беларускіх аўтараў (аўтарскіх калектываў), скончаныя ці ўпершыню апублікаваныя ў 2017 — 2019 гадах.

Кожная серыя павінна складацца максімум з 20 здымкаў. У кожную намінацыю магчыма падаць неабмежаваную колькасць праектаў.
Дасылка праектаў
Праекты прымаюцца да 15 мая ўключна на email: prafota@gmail.com.

Да кожнага праекту павінен прыкладацца тэкставы файл з падрабязным апісаннем на дзвюх мовах: рускай або беларускай і англійскай.

Кожны здымак павінен мець падрабязны подпіс на дзвюх мовах: рускай або беларускай і англійскай.

Заяўка павінна змяшчаць кароткія біяграфічныя звесткі пра аўтара (калектыў аўтараў) і кантактныя дадзеныя (пошта, тэлефон).
Тэхнічныя патрабаванні да фотаздымкаў
— Для дакументальных праектаў ЗАБАРАНЯЕЦЦА істотнае ўмяшанне ў фотаздымак: фотамантаж, візуальныя эфекты, рамкі і лагатыпы на выяве.
— Фотаздымкі павінны мець пашырэнне 72 dpi, памер 1200 пікселяў па доўгім баку.
— Кожны фотаздымак мусіць быць захаваны як асобны JPEG.
— Для каляровых фотаздымкаў рэкамендуецца AdobeRGB ці sRGB, для чорна-белых — Gamma 2.2. Фармат CMYK не будзе прыняты.
— Exif фотаздымка мае быць захаваны.
— Імя файлу павінна складацца з намінацыі, скарочанай назвы серыі і нумару файлу: да прыкладу, art_name1.jpg, doc_name1.jpg. Назвы файлаў павінны быць напісаныя лацінкаю.
Аўтарскія правы
Аўтар (-ы) або прадстаўнік, які выступае ад іх імя, павінны быць праваўладальнікам (і) або ўладальнікам (і) правоў на прадстаўленне твора.

Уладальнікі аўтарскіх правоў захоўваюць аўтарскія правы на свае творы. Дасылаючы свае творы па адрасе prafota@gmail.com, праваўладальнікі перадаюць арганізатарам конкурсу неабмежаваныя невыключныя маёмасныя правы на выкарыстанне твораў для дзейнасці ва ўсіх сродках масавай інфармацыі, у тым ліку: сацыяльныя сеткі, онлайн-рэсурсы і друк, у сувязі з конкурсам, выстава, каталог, грамадская прастора, архіў, і ўсе рэкламныя і адукацыйныя мерапрыемствы для і пад эгідай конкурсу, без якой-кольвек узнагароды.

Уладальнікі аўтарскіх правоў заяўляюць і гарантуюць, што прадастаўленне малюнкаў не парушае якога-небудзь закона, і, акрамя таго, ні адзін трэці бок не можа мець ніякіх прэтэнзій або якіх-небудзь пярэчаньняў у дачыненні да правоў, прадстаўленых на конкурс, праваўладальнікі будуць абараняць ад любых прэтэнзій трэціх бакоў, звязаных з ім.
У склад журы ўвайшлі:
Ганна Шпакава
Cтаршыня журы
Ганна Шпакава — незалежная візуальная рэдактарка, прадзюсарка культурных праектаў, выкладчыца.

Працавала фотарэдактаркай у вядучых расійскіх часопісах, такіх як «Афиша», «Огонёк», «Сноб», а таксама ў міжнародным агенцтве навінаў РИА Новости.

Працавала куратаркай выставаў у Расіі і за яе межамі, у тым ліку на Маскоўскім Біенале, у Маскоўскім мультымедыя арт музеі, фотафестывалях Rencontres d'Arles, PHotoESPAÑA, WARM Festival, на Берлінскім фотафестывалі і фотавестывалі Тбілісі.

Камісарка Расіі на фотабіенале PhotoQuai ў Музеі Бранлі ў Парыжы, заснавальніца факультэту фатаграфіі ў Брытанскай вышэйшай школе дызайну (Масква).

Выпускніца МДУ імя Ламаносава, дзе вывучала псіхааналіз і псіхалогію мастацтва.
Дымітры Бэк
Dimitri Beck
Дымітры Бэк — фотарэдактар часопіса/ галерэі / фабрыкі «Polka» у Парыжы. Уваходзячы ў кіраўніцтва праекту, паспрыяў развіццю «Polka».

Таксама вядзе радыё-праграму, прысвечаную выявам, на France Info.

Перад тым, як пачаць працу ў «Polka», з верасня 2004 па снежань 2006 года з'яўляўся дырэктарам фотаагенцтва «Aina» ў Кабуле, дзе таксама быў галоўным рэдактарам часопіса «Les Nouvelles de Kaboul — New Afghanistan». А да таго працаваў галоўным рэдактарам фотаагенцтва Рэза Дэгаці «Webistan».

У вольны час выкладае фотажурналістыку на канферэнцыях і ў адукацыйных установах, такіх як курсы фотажурналістыкі ў Інстытуце палітычных даследаванняў у Парыжы ці фоташкола «Speos». Ён часты ўдзельнік журы ў міжнародных фотаконкурсах.
Энрыка Стэфанэллі
Enrico Stefanelli
Энрыка Стэфанэллі — фатограф, журналіст, куратар і выкладчык фатаграфіі. Ён заснавальнік і арт-дырэктар фестывалю Photolux — біенале фатаграфіі ў італьянскім Лука.

Выступаў экспертам партфоліа і сябрам журы на шэрагу фотафестываляў па ўсім свеце: Les Rencontres d'Arles, Каўнаскі фестываль, Eyes in Progress, Fotofestiwal у Лодзі, 16-ты Кітайскі міжнародны фестываль фотамастцтва, FotoFest — Х'юстан, Фестываль фатаграфіі ў Оклэндзе, Festival de la Luz у Буэнас-Айрэсе, Center у Санта Фэ, FestFoto ў Порту-Алегры, Бразілія ды інш.

Да 2018 года быў сябрам намінацыйнага камітэту для майстар-класу Джупа Сўорта фундацыі «Сусветнае прэс-фота». Сябра намінацыйнага камітэту для праграмы талентаў «6×6» фундацыі «Сусветнае прэс-фота», і сябра намінацыйнага камітэту конкурсу Leica Oskar Barnack Award.
Кэраль Кёртынг
Carol Körting
Кэраль Кёртынг — фотарэдактарка часопісу «Leica Fotografie International».

Пачынала як фатографка-фрылансэрка, вучылася фатаграфіі ў фоташколе «Ostkreuz» у Берліне. Як фотарэдактарка супрацоўнічала з «Der Freitag» і «Zeit-Magazine» у Берліне. Была фотарэдактаркай у часопісе «Leica M».

Цяпер працуе фотарэдактаркай і рэкруцёркай у «Leica Fotografie International» — незалежным часопісе, які публікуе найлепшых фатографаў, якія здымаюць камерамі «Leica».

Яна таксама ладзіла гутаркі і прэзентацыі па сродках самапрамоцыі на майстар-класе агенцтва «VII» у Берліне і на фотафестывалі Basquedokfestival у Більбаа. Яна ўваходзіла ў журы фотаконкурсаў парталу «Slideluck Editorial», чаопісу «Zenith Magazine» and фестывалю Lugano Photo Days.
Антаніна Сцебур
Antonina Stebur
Антаніна Сцебур — куратарка, даследчыца. Скончыла ЕГУ (Вільня) па спецыяльнасці «Сучасныя візуальныя і культурныя даследаванні», Школу ўцягненага мастацтва «Что делать?» (Санкт-Пецярбург).

Удзельнічала ў якасці куратаркі ў выставах у Беларусі, Расіі, Францыі, Кітаі, Польшчы і г. д. У 2019 годзе разам з Ганнай Самарскай выдала кнігу «Гісторыя беларускай фатаграфіі». Супрацоўнічае з выданнямі «TransitoryWhite» і «Художественный журнал». Сфера зацікаўленняў: супольнасць, гарызантальныя сувязі, феміністычная крытыка, гісторыя, сацыяльная харэаграфія, постсавецкі кантэкст.